Чытаць арыгінальны допіс па-англійску
Telegram увайшоў у топ-5 самых часта спампоўваемых праграм ва ўсім свеце за 2022 год, і праграмай цяпер штомесяц карыстаюцца 700 мільёнаў актыўных карыстальнікаў. Гэты рост адбываецца толькі праз персанальныя рэкамендацыі – Telegram ніколі не плаціў за рэкламу.
З неверагодным ростам Telegram многія нашы карыстальнікі выказалі сваё жаданне дапамагчы нам ахвяраваннямі. Таму сёння мы запускаем Telegram Premium – падпіску, якая дазволіць вам падтрымаць няспынную распрацоўку Telegram, а таксама адкрые вам доступ да эксклюзіўных дадатковых магчымасцей.
Гэта дазволіць нам і рэалізаваць усе патрабавальныя да рэсурсаў функцыі, якія нашы карыстальнікі прасілі нас імплементаваць, і пры гэтым захаваць бясплатны доступ да самага магутнага месенджара ў свеце.
Набываючы падпіску на Telegram Premium, карыстальнікі атрымліваюць падвоеныя памеры для ўсіх абмежаваных рэсурсаў, магчымасць загружаць файлы да 4 ГБ, хутчэйшыя спампоўванні, эксклюзіўныя стыкеры і рэакцыі, палепшанае кіраванне чатамі – і шмат чаго яшчэ.
І ў адначассе ўсе існуючыя магчымасці, да якіх вы маглі паспець прызвычаіцца за амаль дзесяць год, назаўсёды застануцца бясплатнымі. Больш за тое, карыстальнікі без падпіскі змогуць таксама скарыстаць з прывілеяў Premium: да прыкладу, спампоўваць вялізарныя файлы і праглядаць стыкеры, адпраўленыя падпісчыкамі Premium, а таксама рэагаваць праз унікальныя рэакцыі, калі нехта ўжо прарэагаваў імі на паведамленне.
Ахвяраванні падпісчыкаў Premium дапамогуць паляпшаць і пашыраць магчымасці праграмы на дзесяцігоддзі наперад. Пры гэтым яны дазволяць нам пакінуць Telegram бясплатнай і незалежнай праграмай, у якой галоўнай каштоўнасцю з'яўляецца яе карыстальнік – змяняючы стандартнае ўяўленне аб тым, як мусіць працаваць кампанія са сферы тэхналогій.
Любы карыстальнік можа загружаць вялікія файлы і медыя, памерам да 2 ГБ кожны, і бясплатна карыстацца бязмежным воблачным сховішчам Telegram. А падпісчыкі Telegram Premium змогуць адпраўляць файлы памерам да 4 ГБ – гэтага будзе дастаткова для 4 гадзін відэа ў раздзяляльнай здольнасці 1080 пікселяў, або 18 дзён высокаякаснага аўдыяфайла.
Усе карыстальнікі Telegram змогуць спампаваць гэтыя вялізарныя файлы, незалежна ад таго, ці падпісаныя яны на Telegram Premium.
Падпісчыкі Premium змогуць спампоўваць медыя і файлы на самай высокай магчымай хуткасці. Вы зможаце атрымаць доступ для вашага бязмежнага воблачнага сховішча так хутка, як вам дазволіць ваша злучэнне з інтэрнэтам.
Падпісчыкі Premium атрымліваюць амаль усё ў праграме ў падвоеным памеры. З Premium вы зможаце падпісацца на 1000 каналаў, стварыць да 20 папак для чатаў з 200 чатамі ў кожнай, дадаць чацвёрты ўліковы запіс у любую праграму Telegram, замацаваць 10 чатаў у асноўным спісе і захаваць 10 абраных стыкераў.
Вы таксама зможаце напісаць даўжэйшыя звесткі аб сваім профілі і размесціць там спасылку. У падобным духу падпісчыкі Premium могуць рабіць даўжэйшыя подпісы да медыяфайлаў. А адказаць на любое паведамленне будзе прасцей з 400 абранымі анімацыямі. І, нарэшце, карыстальнікі Premium могуць заняць да 20 публічных спасылак t.me, даючы карыстальнікам хуткі і зручны доступ да сваіх суполак і каналаў.
Галасавыя паведамленні могуць быць сканвертаваныя ў тэкст, калі раптам вы не хочаце іх слухаць, але хочаце ведаць, што там сказана. Вы таксама можаце ацэньваць транскрыпцыі, каб палепшыць іх.
Дзясяткі стыкераў цяпер маюць захапляльныя поўнаэкранныя анімацыі, і падпісчыкі Premium могуць адправіць іх у любы чат, каб дадаць эмоцый і экспрэсіўны эфект, бачны ўсім карыстальнікам. Калекцыя гэтых эксклюзіўных стыкераў будзе штомесяц абнаўляцца мастакамі Telegram.
Вы можаце хутка знайсці стыкеры Premium з усіх вашых набораў у асобнай секцыі вашай панэлі стыкераў, пад «Нядаўна ўжытымі».
Падпісчыкі Premium таксама атрымліваюць новыя спосабы рэагаваць на паведамленне, з больш за 10 новымі эмодзі накшталт (і новымі фаварытамі ).
Telegram Premium дадае новыя інструменты па арганізацыі вашых чатаў – да прыкладу, дазваляе змяніць папку чатаў па змаўчанні, каб спярша ў праграме адкрывалася папка з вашымі наладамі – напрыклад, Непрачытанае заместа Усіх чатаў.
Каб змяніць вашу папку па змаўчанні, націсніце і ўтрымлівайце папку ў вашым спісе чатаў > «Змяніць парадак» > і перацягніце тую папку, якую хочаце зрабіць папкай па змаўчанні, на першае месца.
Дадаткова, падпісчыкі могуць наладзіць праз Прыватнасць і бяспеку аўтаматычную архівацыю і адключэнне апавяшчэнняў на новых чатах, што дазвае арганізаваць нават сам загружаны спіс.
Відэа профілю падпісчыкаў Premium будзе заўсёды прайгравацца для ўсіх карыстальнікаў праграмы – як у саміх чатах, так і ў спісе чатаў. Пакажыце ўсім ваш новы стыль, або дайце волю крэатыўнасці і зрабіце ўнікальную зацыкленую анімацыю.
Усе падпісчыкі Premium атрымліваюць спецыяльную пазнаку, якая з'яўляецца побач з іх імем у спісе чатаў, загалоўку чата і спісах удзельнікаў у суполках – паказваючы, што яны дапамагаюць Telegram і цяпер уваходзяць у клуб тых, хто атрымлівае новыя магчымасці першым.
Падпісчыкі Premium атрымаюць доступ да новых іконак праграмы, якімі можна падкрэсліць сваю асабістасць або вытрымаць агульны стыль фона дамашняга экрана. У нас ёсць для вас Premium-зорка, начное неба або турба-самалёт.
У некаторых краінах у вялікіх публічных каналах паказваюцца паведамленні ад спонсара. Гэтыя мінімалістычныя і бяспечныя для прыватнасці карыстальнікаў рэкламныя паведамленні дапамагаюць аплочваць выдаткі на працу Telegram, але больш не будуць паказвацца падпісчыкам Telegram Premium.
Падпісчыкі Premium дапамогуць Telegram не толькі пакрыць выдаткі на эксклюзіўныя магчымасці, але і дазволяць Telegram заставацца бясплатным для ўсіх.
Мы будзем дадаваць больш цікавых і ўнікальных магчымасцей для падпісчыкаў Premium, але ў адначассе мы абавязкова працягнем дадаваць магчымасці для ўсіх карыстальнікаў – і хутчэй, чым любая іншая папулярная праграма. І гэтае абнаўленне не выключэнне – мы дадаем запыты на далучэнне ў публічныя суполкі, анімаваны экран абагульвання, палепшаныя апісанні ботаў і шмат чаго яшчэ.
Публічныя суполкі цяпер могуць уключаць запыты на далучэнне – дазваляючы кіраўнікам спярша праверыць кожнага новага карыстальніка, перш чым даваць яму магчымасць пісаць паведамленні. Карыстальнікі адкрываюць суполку і націскаюць кнопку «Запыт на далучэнне», што дадае іх у спіс запытаў, даступны толькі кіраўнікам.
Кіраўнікі могуць звязвацца з удзельнікамі, каб абмеркаваць правілы суполкі, упэўніцца, што ўдзельнік падыходзіць, або нават запланаваць свята з нагоды далучэння. У такім выпадку Telegram папярэджвае карыстальніка, што яму піша кіраўнік суполкі, з дапамогай адпаведнага банера ўверсе экрана.
Уладальнікі публічных суполак могуць уключыць запыты на далучэнне праз Звесткі аб суполцы > Рэд. > Тып суполкі > Хто можа адпраўляць паведамленні > выберыце Толькі ўдзельнікі > уключыце Ухваляць новых удзельнікаў.
Публічныя асобы і арганізацыі цяпер могуць верыфікаваць свае суполкі, каналы і ботаў – атрымліваючы пазнаку верыфікацыі , якая пакажа карыстальнікам, што паведамленне ідзе ад праверанай крыніцы. У дадатак да звестак профілю, вынікаў пошуку і спісу чатаў, пазнакі будуць бачныя і ўверсе чата. Упэўніцца ў тым, што вас не ўводзіць у зман падстаўны ўліковы запіс, становіцца яшчэ лягчэй.
Калі вы маеце верыфікацыю сама менш на дзвюх сацыяльных платформах накшталт Facebook ці Twitter, то можаце верыфікаваць сваю суполку, канал або бота.
Боты ў Telegram могуць праводзіць віктарыны, атрымліваць плацяжы і нават замяняць цэлыя сайты. Распрацоўшчыкі цяпер могуць дапаўняць інструкцыю «**Што можа рабіць гэты бот?**» фота- і відэафайламі, каб лепей прадэманстраваць яго магчымасці.
Боты, інтэграваныя ў меню далучэнняў цяпер могуць працаваць не толькі ў асабістых чатах, але і ў суполках і каналах.
API ботаў – гэта адкрытая і бясплатная платформа, даступная для кожнага. Калі вы хочаце зрабіць уласнага бота, запрашаем вас на гэту старонку.
Гэтае абнаўленне дадае палепшаны папярэдні прагляд для чатаў, наганяючы магчымасці iOS у гэтым плане. Цяпер вы можаце гараць папярэдні прагляд, каб прагледзець увесь чат, не адзначаючы яго прачытаным. Новыя кнопкі дапамогуць хутка адзначыць чат прачытаным, адключыць у ім апавяшчэнні, а таксама замацаваць або выдаліць яго.
Каб папярэдне прагледзець чат, проста націсніце і ўтрымлівайце яго аватар у спісе чатаў.
Магчымаць аўтаматычна захоўваць відэафайлы ў галерэю вяртаецца ў поўную сілу: цяпер захаванне можа быць уключана і адключана асобна для асабістых чатаў, суполак і каналаў.
Разам з магчымасцю загружаць файлы да 2 ГБ (або 4 ГБ) карыстальнікі могуць лёгка імпартаваць файлы з іншых праграм прама ў Telegram на любой мабільнай платформе. Гэта эканоміць і час, і дыскавую прастору – не трэба захоўваць файл, каб адправіць яго праз Telegram.
Цяпер жа, абагульваючы файл з іншай праграмы на iOS, вы будзеце бачыць анімаваны паказчык прагрэсу, каб мець разуменне – ці паспееце вы зрабіць гарбаты або лепей спыніцца на эспрэса.
Карыстальнікі macOS цяпер змогуць хутка зрабіць унікальны аватар – выберыце любы эмодзі або стыкер, а потым дадайце яркі градыентны фон. Можаце зрабіць аватар для свайго профілю, а можаце выбраць суполку або канал – так можна хутка зрабіць тэматычны стыль для вашых чатаў, не шукаючы стокавых фотаздымкаў.
Каб стварыць такі аватар, перайдзіце ў налады або адкрыйце звесткі чата, націсніце Рэд. > націсніце на аватар > выберыце «Стыкер або эмодзі».
Гэтае абнаўленне дадае 100 выпраўленняў і аптымізацый да мабільных і desktop-праграм – выдаляючы хібнасці, узвышаючы хуткасць, паляпшаючы невялікія магчымасці. Карыстальнікі iOS з навейшымі iPhone і iPad атрымаюць значна плаўнейшыя анімацыі (120 FPS) ва ўсёй праграме. Карыстальнікі Android заўважаць лепшую якасць гуку і відэа у відэа- і галасавых паведамленнях, а таксама атрымаюць опцыю для альтэрнатыўных іконак праграмы, ачысткі ўсіх нядаўніх стыкераў і перакладу звестак профіляў, суполак і каналаў.
Гэтае абнаўленне будзе публікавацца паступова. Калі ваша праграма яшчэ не прапануе вам абнавіцца, крыху пачакайце – новая версія хутка стане даступнай.
Сёння важны дзень у гісторыі Telegram – гэта не толькі новы гарызонт дасягненняў, але і пачатак рацыянальнай манетызацыі Telegram. Мы верым, што распрацоўка Telegram мусіць перш за ўсё ўлічваць меркаванне карыстальнікаў, а не рэкламадаўцаў. Такім чынам, карыстальнікі назаўсёды будуць нашым найважнейшым прыярытэтам.
19 чэрвеня 2022
Каманда Telegram